epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Бульба цвіце

Смугу даўніх раніц ніяк не забуду...

Дымяцца халодныя росы,

Мы ў поле імчымся акучваць бульбу

Чародкай гарластай, босай.

 

Яшчэ не зусім прачнуліся гоні...

Пастронкі хутчэй раскручвай!

Каб бульбу не елі — пацуглівай коней,

Шыры лемяшы ў акучнікаў!

 

Пакуль злы яшчэ авадзень не прыжарыў

І коні не біліся злюча,

Пад корань, пад корань свірэпку паджарую,

Знішчай дзядоўнік калючы.

 

Каб рад не падрэзаць — трымай толькі

ручкі.

А клін каму бокам выходзіць?

Сябрук там са злосцю кідае акучнік,

Не хлопец — Мікола, дый годзе...

 

У небе жаўрук рассыпаецца булькатам...

Прыпынак кароткі зрабілі.

Аблуплены спіны, як ранняя бульба,

Насы, бы яечкі рабыя.

 

А вечарам млявым замерае соткі

Дзяўчына. Па сто выйшла з гакам!

...Дымяцца у місцы салонікі сопкія:

Вячэра — з павышаным смакам.

 

Смугу сноў дзіцячых ніяк не забуду,

Хоць леты мінаюць і вёсны...

Калі хто спытае: а як цвіце бульба?

Яму адкажу — дзівосна.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 18
Крыніца: скан