epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Хадок

Расказ 90-гадовага браслаўскага рыбака

С. І. Ваяводы, хадака да У. І. Леніна

 

З ім давялося стрэцца мне

Спякотным летнім часам.

Сядзеў дзядуля у чаўне,

І паплаўкі ён пасвіў.

 

Ані маршчынкі на вадзе —

Плыла навокал ціша...

Сядзеў такі кудзельны дзед,

Што словам не апішаш.

 

А барада, от барада!

Такую ўраз прыкмеціш:

Яе бялілі дождж, вада,

Мяцеліца і вецер.

 

У снезе белым галава,

І шчырасць людзям зычыць

Вачэй старэчых сінява —

Яе ў азёр пазычыў.

 

У маршчаках адкрыты твар

На сонцы загарае...

Дай гуслі ў рукі — і гусляр

Быліну вам зайграе.

 

Рыбак стары ў настроі быў —

Не размарылі промні.

Ён расказаў мне проста быль,

А я яе запомніў:

 

«Рыбачыў здаўна ўвесь наш род,

Быў дужы, як належыць,

Ніхто з браслаўскіх Ваявод

Не быў ніколі лежнем.

 

І хватка ў кожнага была,—

Не быў і човен зыбкі.

Ды не туды заўжды плыла

З вачковых сетак рыбка.

 

І бедавала ўся сям’я,

Цярпела вечна муку...

Спазнаў таму так рана я

Рыбацкую навуку.

 

Шмат давялося перажыць —

Быў двойчы навабранцам.

Гады са тры я праслужыў,

Як ваяваў з германцам.

 

Тут пад хрыпотнае «ура»

Муштрою нас вучылі,

Каб гіблі ўсе мы за цара,

За веру, за айчыну.

 

Ды надышла усё ж пара

Сапраўднага разгону:

Навечна скінулі цара

З наседжанага трону.

 

Напэўна, быць канцу вайне,—

Мы радасна ўздыхнулі.

Ды не відно канца, ой не! —

Керэнскі гнаў пад кулі.

 

У роту трапіў, дзе гнядых

Салдаты даглядалі,

Каб коні ў бойцы ва ўвесь дых

На кулямёт скакалі.

 

...І раптам вестка — кожны рад,

Усе кудысьці рвуцца:

Часовы скінуты урад

Народнай рэвалюцыяй!

 

Нас павялі бальшавікі —

Іх праўду слоў пачулі.

Супроць буржуяў мы штыкі

Адразу павярнулі.

А надыходзіла зіма,

Скубаў мароз нас люта:

Адзення добрага няма,

Паехаў і абутак.

 

Усхвалявана грамада,—

Сышліся раду радзіць,

Шчэ з тых арэшкаў інтэндант

Арудуе на складзе.

 

Тады я хлопцам і кажу:

— Чакаць, браткі, нам годзе.

Не першы год я ўжо служу...

Да Леніна мы пойдзем.

 

Раскажа хай наш дэлегат,

З якой прыйшоў нагоды.

Тут галасы: — Ідзі ты, брат,

Ідзі, брат Ваявода!

 

Ісці за трыдзевяць зямель

Нялёгка, знаю сам я.

А паглядзелі б на шынель —

Сабакі пакусалі.

 

І левы бот разявіў рот —

Раз’ехаліся боты!

Дык я зрабіў такі вось ход —

Скруціў іх ржавым дротам.

 

Мандат мне выпісалі ўраз,

Зацвердзілі пячаткай.

І хлопцы мне даюць наказ —

Пастой, моў, за салдата.

 

Напарнік мой, хлапец-туляк,

Таксама вельмі рады...

Было ў дарозе так і сяк,

З дрывамі поезд-таварняк

Давёз да Петраграда.

 

Зайшлі у Смольны. Во краса!

Застылі у дзіўленні...

Дзяжурны ў кнігу запісаў:

— У шэсць вас прыме Ленін.

 

Адчуў я сэрца моцны стук.

Няўжо ўсё гэта казка?

А Ён працягвае мне стул:

— Сядайце, калі ласка.

 

Прыселі. Не знаходжу слоў.

Сяджу, бы вінаваты.

— Што ў Петраград вас прывяло,

—Таварышы салдаты?

 

Спытаў Ільіч так проста нас,

Так шчыра і спакойна,

Што спуд у нас прайшоў ураз,

Нібы зняло рукою.

 

Кажу — адзення не даюць,

Мароз жа дужа крача...

Зірнуў на вопратку маю,

Сказаў: — Я гэта бачу.

 

Ільіч пытацца ў нас пачаў —

Усё ён ведаць мусіў:

Адкуль ды што? — мяне спытаў.

— З Браслаўля, з Беларусі...

 

— Які ў салдат цяпер настрой?

Кажу я так пра гэта,

Што як адзін стаяць гарой

За новы лад Саветаў.

 

Кажу я Леніну яшчэ:

— Мы ўзнялі сцяг чырвоны...

Іскрынкі ленінскіх вачэй

Я помню і сягоння.

 

Ён гаварыў пра хлеб і мір

Нам шчырай, простай мовай.

А мы лавілі кожны міг

І праўды чыстай слова.

 

Тады адчуў я сэрцам сам

Яго святую веру...

Ільіч штось хутка напісаў

І выдаў нам паперу.

 

Яго мы слухалі наказ:

— Скажыце ўсім салдатам —

Мы разбяромся, хто у вас

З адзеннем вінаваты.

 

Мы развіталіся як след —

«Прабачце за турботы».

— Цяпер у нас,— сказаў сусед,

Ёсць вопратка і боты...

 

Як непрыкметна час бяжыць.

І радасць меў і ўдачы...

Я недарэмна век пражыў —

Бо Леніна пабачыў...»


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 170-174
Крыніца: скан