epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Чуў не раз я ад сталых людзей..."

Чуў не раз я ад сталых людзей

Словы шчымлівага шкадавання:

«О, каб да мяне вярнулася маладосць,

Я жыў бы зусім па-іншаму...»

 

Я таксама б па-іншаму жыў,

Каб вярнулася да мяне юнацтва...

Не баяўся б падысці да дзяўчыны,

Якую прысвоіла сэрца,

Каб запрасіць на няўклюдны вальс.

Не пабаяўся б потым пайсці з ёю

ў светлую ўсмешку ночы

І апячы губы пацалункам...

 

З тымі гадамі

ды з сённяшнім розумам

Не быў бы я летуценнікам,

Не рабіў бы многіх памылак:

Адхіліў бы лішнюю чарку

ў сяброўскім гурце,

Не лез бы ў гарачыя спрэчкі,

а то і бойкі,

Грыз бы, як бабёр, навуку,

Аддаючы перавагу рыторыцы,

Выступаў бы красамоўна

на студэнцкіх сходах

І браў бы за прыступкай прыступку,

Што вялі да трыбуны на сцэне.

Шлях таксама нялёгкі...

 

Магчыма, не так бы пісаў я і вершы:

Па беламу пісаў бы белым,

Выказваў бы правільныя думкі

І выбіваўся б у модныя паэты...

Калі б я гэта рабіў тады,

Дык сёння пэўна б не шкадаваў

гэтак шчымліва:

О, каб да мяне

вярнулася юнацтва...


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 146-147
Крыніца: скан