epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Чысціня

Будуць суха рыпець маразы,—

Быццам снег хто навошчыць

пад вечар...

І для санак крутых палазы

Парыць дзед,

як той кухар,

у печы.

Распусціў на грудзях бараду

І ў дугу гне гарачыя плахі...

Капылы —

звонкі клён,

Палазы —

гнуткі дуб...

Аж дуброваю ў хаце запахла.

Вяззе —

з вязу,

Аглоблі —

з бяроз...

Мчацца сані

палямі,

лясамі...

І ў маторны,

закручаны век

я збярог

Чысціню вашу,

звонкія сані.


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 12
Крыніца: скан