epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Далёкаю парою, у Сібіры...

30 красавіка 1897 года У. І. Ленін з прыстані Краснаярск на параходзе «Святы Мікалай» выехаў у Мінусінск, накіроўваючыся ў ссылку ў сяло Шушанскае.

 

Рака у буйным веснавым разводдзі —

І берагі адсунуліся ўдаль...

Павольна адзінокі параходзік

Грабецца супраць круталобых хваль.

 

Ён зрэдку хрыпне голасам старэчым:

Судно, здаецца, дажывае век...

І, паліто накінуўшы на плечы,

На палубу выходзіць чалавек.

 

Вясна ў Сібіры... і у ёй ёсць штосьці

Ад вёснаў тых, што Волгай праплылі...

Захоплен ён суровай прыгажосцю

Суровай і нязведанай зямлі.

 

Зімой тут вецер па сумётах вые —

Вавёрка не пакажацца з дупла...

І ўсё ж і тут жыве душа Расіі,

Халодная, ды з кропляю цяпла.

 

А будзе час, абавязкова будзе —

І край глухі дасць шчодрыя дары,

Без ланцугоў сюды прыедуць людзі

На бераг Енісея, Ангары.

 

Плыве судно па енісейскай шыры,

І чалавеку далячынь відна...

Далёкаю парою у Сібіры

Ішла вясна, спяшалася вясна.


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 175
Крыніца: скан