epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Даніна бяроз

У гісторыі свой напамінак...

Як да продкаў маіх — крывічоў

Ехаў князь атрымаць даніну,

А яе здабыў ён мячом...

Ехаў сам ён,

з гневам, з пагрозай,

Жорсткі з жорсткіх зямных багоў...

Разгнявіў ён тугія бярозы,

І яны разарвалі

на часткі яго!

За знявагу, за лютасць і кпіны

Атрымаў князь сваю даніну...

...Гром вайны,

працяглы і грозны...

Застагнаў, устрывожыўся бор.

Спахмурнелі сурова бярозы...

І стралялі ў чужынца ва ўпор.

Атрымаў крыважэрны чужынец

Ад бяроз маіх шчодра даніну!

...Да бярозак прыйшоў я ў госці...

Яны быццам стаяць у сне...

Страпянуліся мякка голлем,

Замахалі прыветна мне.

І здаецца, радасці слёзы

Сыпануліся з іхніх веек...

Колькі сэрцу даеце, бярозы,

Самых чыстых павеваў!

Як вясна надыходзіць з гоманам

І як першы вуркоча гром,—

Вы гатовы, бы тыя донары,

Мне аддаць сваю нават кроў.

О бярозкі маёй краіны!

Свой характар у вас пазнаю.

Я прымаю вашу

даніну,

Вам даніну сваю

аддаю...


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 79-80
Крыніца: скан