З тае пары прайшло зусім нямнога,
Як першы раз зайшоў я у вагон,
І дрэвы развітальна на дарогу
Мне замахалі веццем наўздагон.
На стыках колы застунелі глуха,
З акна дыхнуў раз’юшаны скразняк
І смела трапяткую завіруху
У валасах расхрыстаных падняў.
Насустрач мне плылі лясы, аблогі,
Са свістам прабягалі цягнікі...
Я з першых вёрстаў палюбіў дарогі,
Глухія зненавідзеў тупікі.
У мітусні перонаў і вакзалаў
Я адчуваў імклівы пульс жыцця —
І зноў мяне дарога калыхала,
Як быццам маці гушкала дзіця.
Не ў крыўдзе я на жорсткія вагоны,
Пракураныя дымам папярос,—
У іх праехаў сотні перагонаў
І ў іх на год, напэўна, я падрос.
Шляхоў ляжыць наперадзе шчэ многа
(Пралягуць хутка трасы і да зор).
Дык кліч удаль мяне заўжды, дарога,
Мігай зялёным вокам, семафор!