epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Дзот

Зямлю вакол крамсалі сотні мін,

А ён свінцом ссякаў усё жывое,

Ды раптам змоўк, прыціснуты грудзьмі,

Бы анямеў ад смеласці героя.

 

Цяпер тут ціха. З мурагом густым

Паўзуць рамонкі на пагорак нізкі,

Бярозкі юнай дробныя лісты

Шапочуць над маўклівым абеліскам.

 

І толькі з дзота сырасцю дыхне

Ад сцен цвілых і ўжо ад часу бурых,

Да болю мне напомніць аб вайне,

Нібы прывід, сляпая амбразура —

 

Здаецца, бачу, як курыць трава,

І дзот зноў сее смерць на полі бою...

Яго даўно б пара ўжо узарваць,—

Шкада трывожыць толькі сон героя.


1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 114
Крыніца: скан