epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Эпітафіі

Падхаліму
Плагіятару
Махляру
Плеткару
Хабарніку
Пільнаму
Перастрахоўшчыку
Двурушніку


 

Падхаліму

Я заслужыў на свой вянок,

Усім паведаміць я рады:

Ляжу ў начальніка ля ног

І з ім цяпер — запанібрата.

 

Плагіятару

Жыццё налёгкае у нас,

Адна бяда, адно напасце:

Ніяк не трапіш на Парнас,

Каб эпітафію украсці.

 

Махляру

Не трэба мне ні надпісы, ні пліты —

Абы было ўсё шыта-крыта.

 

Плеткару

Не скажу, каб меў язык кароткі —

Дзейнасць я разгортваў кіпучую...

Сам памёр, ды ходзяць мае плёткі,

Бо яны ў мяне жывучыя.

Было ў мяне зайздроснае жыццё —

На ўсё гарэлі вочы, як касцёр.

Я, можа б, не сышоў бы ў небыццё,

Ды вось бяда — ад зайздрасці памёр.

 

Хабарніку

Браў пры жыцці я пакрысе —

Прыносілі без сведак.

Чаму ж ніхто не прынясе

Мне сёння... хоць бы кветак?

 

Пільнаму

Ніяк не ўцямлю — што за свет!

Каму данесці я павінен,

Што кожнай ноччу мой сусед

Чарцей збірае ў дамавіне?

 

Перастрахоўшчыку

Я ўласнага заўжды баяўся «я»,

І гэтая магіла не мая!

 

Двурушніку

Я жыў сумленна, быў душою шчыры,

Любіў людзей і чалавечы род...

Прахожы, заўтра падыдзі ты шчэ раз

І надпіс прачытай наадварот.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 211-212
Крыніца: скан