epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Эра маіх пірамід

Будавалі і мы піраміды —

Аж яшчэ ў даюнацкую эру

Мы тапталі стагі.

Ногі грузлі у мяккім сене,

А мы грэбліся ў моры духмяным

Угару, угару...

 

Стог бакі выпінаў,

Як у яйка, крутыя,

Бо кідаў яго сам чарадзей —

дзед Прышчэп.

Ну, а потым, нібы акрабаты,

Мы па слізкай насілцы сігалі

З вышыні на зямлю,

Пачыналі расчэсваць стог.

 

Толькі дзед заставаўся ў аблоках —

Бог палескіх лугоў...

Шапку з стога не скінуць віхуры,

Абсякуць яго ніткі ліўняў,

Калі стог стагаваў

дзед Прышчэп...

 

Мы тапталі стагі —

Будавалі свае піраміды

І раслі угару, угару...


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 17
Крыніца: скан