epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Гаспадынькі, варам шпарце чаны..."

Гаспадынькі, варам шпарце чаны —

Патужэлі, падужэлі качаны.

Як мароз, рыпяць яны ў руках,

Кожны звонкі, кожны сіверам прапах.

Эх, любата іх будзе шаткаваць!

Дзеці храпкі будуць каштаваць.

Не кажыце, не кажыце,

што ў гародзе пуста,

Паглядзіце, паглядзіце —

вырасла капуста.

На стол ляжа шаткаванка,

як сумёт,

Сыпанецца ў дзежку снегам —

і пад гнёт.

Не кажыце, не кажыце,

што ў гародзе пуста,

Паглядзіце, паглядзіце —

соліцца капуста!


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 41
Крыніца: скан