epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Гусінае пяро

Ён быў таксама смелы вынаходнік,

Хто першы выскубнуў з крыла пяро

І вывеў ім рукой дрыжачай слова...

 

З тае пары ў пашане сталі гусі,

Іх пер’е разляцелася па свеце,

Бялюткае, як першы снег.

 

І мудрацы з завеямі барод

Пры свечках селі у сырых мурах,

Пяром гусіным пачалі рыпець...

 

Пяро каўтнула дзюбкаю чарніла,

На міг застыла ў пушкінскай руцэ

І паляцела лёгкай-лёгкай птушкай...

 

Паручык Лермантаў здымае шпагу

І падыходзіць да стала —

І пёры, быццам бы ў калчанах стрэлы,

Па-грознаму тырчаць...

 

Салдат Шаўчэнка пазірае ў неба —

Там гусі, гусі вольныя ляцяць...

О, хоць адно б яны згубілі пёрка —

Пісаць гатовы ён сваёй крывёй...

 

Вякі ламалі шмат мільёнаў пёраў,

Вякі падрэзалі мільёны крылляў,

І ўсё ж на іх да нас ляцела слова

З глыбокай, нібы памяць, далі.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 30
Крыніца: скан