epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Я нясу за пазухай голуба..."

Я нясу за пазухай голуба

На квяцісты, як луг, стадыён,

Пасля першага звонкага гола

Аж з грудзей маіх выпырхне ён.

 

Каруселлю кружыцца ён стане

У чародцы сівых галубоў.

Потым ў небе, бы цукар, растане —

Панясе маю радасць з сабой.

 

Па грудзях шныраць вочкі-іголкі.

Не, не злодзей я, хоць бягу,—

Я нясу за пазухай голуба,

Камень там я насіць не магу.


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 107
Крыніца: скан