epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Я па зрэбным бягу палатне..."

Я па зрэбным бягу палатне,

Што бяліць разаслала маці

На траве ля калінавай копанкі...

Гэта ж трэба выткаць

такую дарогу!

Я бягу,

а ёй краю няма:

Паміж жыта даспелага разаслалася —

На бальшак пакаціўся сувой

Праз палеткі, лугі і лясы...

Перуны, грукачыце!

Ліўні спорныя, йдзіце!

І бяліце дарогу маю,

што выткала маці...


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 33
Крыніца: скан