epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Я вільготнай анучкай сціраю..."

Я вільготнай анучкай сціраю

Белыя аблокі са школьнай дошкі —

Праясняецца чорнае неба,

Зоркі трэба на ім запаліць.

Усміхаецеся вы гэтак мякка і добра:

«Ну, здабудзь

корань кубічны,

Скажам, з лічбы 1937».

Стаўлю птушку.

Крылом накрываю лічбу.

1937...

Гэта ж год майго нараджэння!

Разгубіўся зусім я —

не ведаю,

Як той корань з яе здабываць...

Усміхаецеся вы гэтак мякка і добра:

«Не хвалюйся, прыпомні, падумай...»

Так,

так,

так...

Я, здаецца, прыпомніў...

Корань мой — у палескай глебе,

Корань мой — у духмяным хлебе,

Корань мой — у бацькоўскай хаце,

Вечны корань мой — ў сэрцы маці...

Усміхаецеся вы гэтак мякка і добра:

«Корань зла

хай не будзе табе вядомы...»


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 93
Крыніца: скан