epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Я збіраю людскія трывогі..."

Я збіраю людскія трывогі...

Найцікавейшая калекцыя.

Гэты боль я ўзяў у дзяўчыны,

Якую пакінуў каханы.

А трывогу вось гэтую напаткаў я

ў дарозе —

Яна ціха кудысьці брыла...

Гэты сум

я знайшоў у лесе —

Павуцінкай матляўся ён на галінцы...

Я прасіў, каб чужая маці

Аддала мне тугу

па загінуўшым сыне,

Ды яна не схацела

з ёю расстацца...

Я збіраю людскія трывогі

У сваё неспакойнае сэрца,

Я шукаю сабе напарнікаў,

Каб стварыць таварыства

Па збіранню людскіх трывог.


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 45
Крыніца: скан