epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Якубу Коласу

Лес шумеў навокал цёмны, строгі,

Плакаў вецер голасам ваўка.

У глушы, далёка ад дарогі,

Горбілася хата лесніка.

Са двара карову летнім ранкам

Выганяў не раз малы пастух,

Абуджаў жалейкаю палянкі

Кемлівы, уважлівы Кастусь.

Бачыў ён, як першыя праменні

Прыбіралі вершаліны дрэў

Слухаў ён, як ручаёк струменіць,

Захапляў яго птушыны спеў.

І тады ён з торбачкі аловак

З хваляваннем моцным даставаў.

Вырасталі на паперы словы,—

Хлопчык вершы першыя пісаў.

Як на крылах, у дрымучым лесе

Праплылі дзіцячыя гады.

І па вёсцы ў глыбіні Палесся

Ён праходзіў дужы, малады.

Лёс народны тут яго трывожыў

І заўсёды ў думках светлых быў,

Не стаяў паэт на раздарожжы,

А пайшоў дарогай барацьбы.

І цяпер, калі нагнецца колас

І ўсміхнецца сонцам ясны дзень,

Мне здаецца, неўміручы Колас

Беларуссю роднаю ідзе.


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 53-54
Крыніца: скан