epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Яшчэ не ўстала сонная залева..."

Яшчэ не ўстала сонная залева

І золак, быццам яблык, не крамян,

А я шукаю ў лесе тое дрэва,

Дзе і маё запісана імя.

 

Я дзесьці там, на самай вершалінцы,

Руку крутую ў небе распусціў.

І рады я, бо на маёй галінцы

Паспеў таксама хтосьці адрасці.

 

Лёс церабіў маё зямное дрэва,

Яго хістаў у розныя бакі.

Вякоў сівая памяць у ім дрэмле,

Пра боль яго маглі б сказаць сукі.

 

Стаю адзін, нібыта ў сутарэнні,

Застыгла раннім холадам зямля...

Ды веру я,— не вымерзнуць карэнні,

Бо я — пачатак, і працяг — сам я!


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 59
Крыніца: скан