epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Ёсць вуліца ў Парыжы

Ёсць вуліца ў Парыжы — Мары-Роз,

Чуваць на ёй, як плешчуць хвалі Сены.

Тут веснавой узбуджанай парой

Кіпяць каштаны жаўтаватай пенай.

 

Раскажа тут сівенькі старажыл,

Паклаўшы на кіёк нязграбна рукі,

Як з ім калісьці па суседству жыў

Вясёлы сімпатычны рускі.

 

Адразу ж вобраз непаўторны той

Са слоў француза наяву ўваскрэсне.

...Вясна і сонца... Лёгкаю хадой

Ідзе у парк ён з раскладанкай-крэслам.

 

Бярэма кніг ахоплена рукой,

Тырчыць з кішэні пікаю аловак...

Каштаны ў парку сцерагуць спакой,

Каб не парушыць з кнігамі размову.

 

Задумаўся, не чуе чалавек,

Як птушак льюцца трэлі залатыя...

І спее, спее дума ў галаве —

Святая дума аб табе, Расія.

 

Краіну трэба абудзіць ад сну

І назаўсёды знішчыць гнёт і здзекі,

І абвясціць сапраўдную вясну —

Свабоду, шчасце творцу-чалавеку...

 

Раскажа вам сівенькі старажыл

З дзіцячай радасцю і захапленнем,

Як па-суседску з ім калісьці жыў

Вялікі рускі —

неўміручы Ленін.


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 177-178
Крыніца: скан