epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Каб аж гай шумеў

У дзяцінстве, помню, я

за грыву

На кані трымаўся і ляцеў,

Ды скакаць хацелася імклівей,—

Каб аж гай шумеў...

Ці з гары праносіўся на лыжах

Па лыжні, пракладзенай між дрэў,

Чуў, як вецер за спіною дыша:

Каб аж гай шумеў...

А калі у веліч паднябесся

Я, як заварожаны, глядзеў,

Дык хацеў такую скласці песню,

Каб аж гай шумеў...

Не ўрадзіла песняй мая ніва,

Яе ў час дагледзець не сумеў...

Ды ўсё роўна я ў жыцці шчаслівы,

Бо ў душы гучыць напеў гуллівы —

Каб аж гай шумеў!


1956?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 144
Крыніца: скан