epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Ля доскі школьнай

Памяці маёй настаўніцы

Ганны Сяргееўны Рослік

 

Вы заходзіце ў клас...

Я ўстаю з-за апошняй парты,

Даўгарукі і даўганогі.

Парта не дае мне

выпрастаць калені.

Прабачце,

я прыхілюся спіной да сцяны...

Гэта ж я, ваш вучань з «камчаткі»,

Не выклікайце мяне да дошкі:

Я дрэнна сёння вывучыў урок...

Буду марна блукаць па крузе,

Трохкутнік у мяне паламаны

І адной паралельнай няма...

Усміхаецеся вы гэтак мякка і добра:

«Можа, гэта толькі гіпотэза?

Я прашу даказаць».

Вось і крэйда ў маёй руцэ —

Вугал а бэ цэ...

Сапраўды аказаўся прамы!

Быццам вочы мне хто прамыў.

Паралельныя — гэта ж рэйкі,

Што ў жыццё пакацілі

з рэхам!

І не круг я малюю

на дошцы школьнай,

А сваіх заблуджэнняў кола...

Бачу ўсё, разумею...

Дарэмна

Я забыў пра сваю тэарэму,

Якую вы тлумачылі мне

неаднойчы —

Трэба людзям глядзець

прама ў вочы.

Усміхаецеся вы гэтак мякка і добра:

«Наступны ўрок у нас — алгебра».


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 91-92
Крыніца: скан