epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Лясны рэквіем

Пні —

помнікі памёршым дрэвам...

Няпраўда, што яны глухія!

Яны умеюць ціха гаварыць...

Вось пастамент.

На ім нядаўна

Сам волат пушчы велічна стаяў,

Ды рухнуў ніцма, распластаўшы рукі,

Скасіў яго уладны ўдар мяча...

І толькі зморшчыны на пні дубовым

Расказваюць пра волата свайго.

Лічу гады сасны...

Памерла рана

Ад той стралы, што некалі ўпілася

Ёй проста ў сэрца...

З бурштыну помнік выліты сасне,

Бялюткі абеліск...

Каму ён?

Тут юная загінула бярозка

Ад нечай злой рукі.

Іду між помнікаў лясных,

чытаю,

Лічу гады памёршых дрэў.

Як рана паміраюць дрэвы!

Прыслухайся —

Тужліва дрэвы

Над помнікамі гэтымі шумяць...


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 34
Крыніца: скан