epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Ленін у Шушанскім

Мароз рыпіць, мароз пякучы сушыць,

Па вокны хаты ноччу замяло...

Пад коўдрай белаю заснула Шуша,

І ўсё ж не спіць сібірскае сяло.

 

Зіма яму не спела калыханку —

Са звонкім смехам з кручанай гары

Ляцяць гурмою на скрыпучых санках

Ружовыя малыя снегіры.

 

...У бель выходзіць ён з утульнай

хаты —

Эх, не мароз, а проста кіпяток!

І на плячы — драўляная лапата:

Гайда, гарэзы, расчышчаць каток!

 

Нібы гарох, сыпнулі разам з хатаў

Чародкамі ў валёнках хлапчукі...

І замільгалі у руках лапаты —

І вырас снежны вал сярод ракі.

 

Звініць рака, мароз ужо не крача,

На гаманву ён дзівіцца, прыціх:

Хто на адной «драўлянцы» ўпарта скача,

Хто паралелі піша на дваіх.

 

Смяюцца сонцам і сумёты, гурбы,

Святло ў душы, святлу няма мяжы...

І на нагах курносыя снягуркі

Выпісваюць крутыя віражы.

 

У каруселі сонечнай на лёдзе

Ён акрылёны, быццам весні птах...

Зайздросцяць дзеці дзядзечку Валодзю:

Вось так бы ім катацца на каньках!

 

Дзятва звініць, дзятва у захапленні,

Ёй хораша смяяцца, пакрычаць...

Пасля пазнаюць, як на Шушы Ленін

Не толькі лёд сібірскі расчышчаў.


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 176-177
Крыніца: скан