epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Лістапады мае, лістапады..."

Лістапады мае, лістапады,

Залацістыя каруселі,

Падхапілі мяне, панеслі

На агністым сваім кані...

 

Віражы ён бярэ крутыя

І ўсё скача і скача —

Уладны,

Абмінае трыццаты круг.

 

«Стой, імгненне!» — хачу я крыкнуць,

Каб яшчэ раз людзей убачыць,

Ды яны мітусяцца ўваччу,

Бы ў кіно абарваная плёнка...

 

Я гляджу — замільгалі твары:

Дзядзька, хлопчык, дзяўчына...

Далібог, не паспеў іх разгледзець,

Бо ўсё круціцца, круціцца, круціцца

Залатая мая карусель...


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 26
Крыніца: скан