epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Маці ў дзень нараджэння

Ты не ведаеш, мама,

свайго дня нараджэння...

З тваёй памяці выплыў ён месяцам чыстым,

З тваім імем прапала царкоўная кніга,

Дзе запісана ты была грэшнай Улітай...

Ды якое святое тваё жыццё!

Аж дванаццаць дзяцей

цябе звалі мамай,

Дзесяць з іх больш не скажуць ніколі

Гэта слова, адкрытае сэрцам...

За свой век недаспала ты шмат, недаела,

Толькі слёз праліла ты ўдосталь,

Толькі ўдосталь было на руках мазалёў.

Пасівелі даўно валасы твае русыя,—

Можа, гэта на іх асыпаўся попел,

Які ты заграбала ў пячурку

гусіным крылом...

Мама,

я сплю на тваёй падушцы —

Яна самая мяккая ў свеце,

Яна поўна дзівосных сноў,

Што ўначы разлятаюцца пухам —

Яны часта ляцяць да цябе...

Ты не ведаеш, мама,

свайго дня нараджэння?

Адшукаў я яго, адшукаў!

Ён вясенні, ён чысты і звонкі,

І ласкавы, як вочы твае.

Дык жа з днём нараджэння, мама,

З тваім знойдзеным светлым днём!


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 24
Крыніца: скан