epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Маё раўнадзенства

Сёння маё раўнадзенства —

дзень раўнавагі,

Дзень роздуму і развагі...

З гэтага дня я павінен святлець,

Убіраць у сябе па кропельцы сонца,

З гэтага дня

буду сталець

Розумам,

Сэрцам.

 

У наступ ідзе

Дзень!

Спадае з воч

Ноч...

Даўжэць пачынае мой дзень,

Святлець пачынае мой дзень!

Значыць, буду я меней спаць,

Значыць, буду я болей бачыць,

І яшчэ

дужа многае значыць...

Раўнадзенства —

мой дзень раўнавагі,

Дзень упэўненасці і адвагі,

Бо ў наступны дзень раўнавагі

Ноч кульне мае вагі...


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 27
Крыніца: скан