epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Манекены

Яны стаяць заўсёды у абновах,

З усмешкай пазіраюць на людзей.

Увосень ім барвовы ліст кляновы

Прышпіляць прадаўшчыцы да грудзей.

Узімку падкладуць пад ногі ваты

І блёскат сыпануць. І будзе снег,

Ды толькі позірк іх халаднаваты

Іскрынкаю ніколі не блісне.

Калі ж вясна пачне імкліва брацца

І капяжамі выбіваць свой такт,

Зноў за вітрынай змена дэкарацый —

Аздобіць іх бярозкамі мастак.

Убранне іншае у іх улетку —

Адзенне падагнана пад фасон.

Ім намалююць на вітрынах кветкі —

Мастацтва іх таксама пад сезон.

Глядзіш за шкло: там змены, змены —

Не трэба ж, каб залежваўся тавар...

Ды толькі не мяняюць манекены

Ніколі твар.


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 106
Крыніца: скан