epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

На кладцы

Звісла ноч над голлямі акацый,

Вецер не шалохнецца. Спакой.

Мы з табой спыніліся на кладцы

Над бліскучай, нібы ртуць, ракой.

 

Пад нагамі гойдаліся дошкі,

Як жывая, плёскала вада.

— Не баішся?

Адказала: — Трошкі...

— Калі трошкі, значыць, не бяда.

 

І чамусьці неяк нечакана

Я абняў цябе, пацалаваў.

На душы вясёлы звонкі ранак,

Як гармонік, зычна заіграў.

 

Мо хвіліну нейкую маўчалі,

Потым ты спытала: — Што, калі б...

Незнарок мы ў рэчку з кладкі ўпалі?

Кінуў жартам: — Разам паплылі б?


1956?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 139
Крыніца: скан