На маёй галаве
былі хвалі —
Маці стрыгла мяне
авечымі нажніцамі,
Халоднымі, як лёд.
Аднойчы да нас у хату
Начаваць папрасіўся салдат,
татарын,
Ён ішоў праз вёску
У абмотках,
запэцканых граззю,
З наздраватым аўтаматам на плячы.
Ён убачыў на галаве маёй хвалі...
Усміхнуўся у вус пакручасты
І з ранца брытву дастаў.
Па рамні ёй пагойсаў спрытна
І чамусьці крануў далонь.
Галаву мне
цёплай пенай успеніў,
І салдацкая вострая брытва
зашоргала па маёй галаве...
А назаўтра пайшоў мой цырульнік,
добры дзядзька татарын,
У абмотках,
запэцканых граззю,
З наздраватым аўтаматам на плячы.
Пэўна, трэба было яму
яшчэ многіх дзяцей пагаліць.