epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"На твае залацістыя косы..."

На твае залацістыя косы,

Помню, селі два матылькі,

Быццам макі пунсовыя.

Там яны і заблыталіся,

Пачалі трапятацца...

Доўга яны трапяталіся.

А аднойчы на лузе даспелым

Раптам пырхнулі — і паляцелі.

Як шкада! Я пабег наўздагон,

Каб спаймаць матылькоў тых жаданых...

Доўга бег... Раптам бачу — паселі

На льняную галоўку дзяўчынкі,

Што гуляла ля хаты у класы,

Пачалі, як раней, трапятацца...

Падышоў, зняць хацеў іх рукою,

Ды дзяўчынка сказала з дакорам:

— Не чапай, ты ўжо дзядзя вялікі,

Гэта будуць мае матылькі.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 22
Крыніца: скан