epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Напрарочылі мне злыя цёткі..."

Напрарочылі мне злыя цёткі,

Калі я ў іх пытаўся ў маленстве,

Скуль у нашай суседкі узяўся

Маленькі Пятрок.

«Шмат пазнаеш —

хутка састарэеш»,—

Так мне цёткі з усмешкай

казалі.

Я хацеў шмат пазнаць.

І старэў.

А цяпер я — стары,

бо ўжо многае ведаю:

Чалавек нарадзіўся з істоты,

Дыназаўрам ён быў і малпаю

І яшчэ кім ён толькі не быў...

Я стары ўжо, бо шмат чаго ведаю

Пра цябе, Чалавек.

Ды пытацца яшчэ

мне пра многае трэба —

Ад чаго чалавеку даецца каварства,

Хцівасць, злосць і двурушнасць,

І варожасць найлютая...

Ад чаго?

Я гатоў пастарэць,

хоць сёння сканаць,

Толькі б людзі хутчэй

на пытанні мае

Адказалі...


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 44
Крыніца: скан