epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Нараджэнне лірыкі

А я ўявіць хачу далёкі век,

Век пругкай шпагі і рапіры.

...У сцішаным натоўпе чалавек

Спявае свой санет пад ліру.

І струны льюць жывое серабро,

Яно звініць, яно ва ўладзе спеву.

Пяе паэт, і славіць ён дабро,

І ганьбіць зло пякельным гневам.

Пяе паэт. Нямая цішыня —

Пачуеш нават, калі дзынкне муха.

Людзей ён песняй звонкаю абняў,

Ажно чуваць, як сэрцы б’юцца глуха.

Гісторыя, спрадвечная, як свет,

Замнога тайнаў у сабе хавае...

Нядаўна верш чытаў сівы паэт,

І, як заўсёды, крышку падпяваў ён,

Маланкі бліскалі з яго вачэй,

А верш іскрыстым сонцам

быў сагрэты,

Ды толькі побач нехта прабурчэў:

— Чытаюць вершы кепска

ўсе паэты.

Я ж водгулле стагоддзяў пазнаваў,

Лавіў яго душою шчырай...

Сівы паэт, ён сэрцам падпяваў,

Бо не было ў руках

вясёлай ліры.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 29
Крыніца: скан