epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Нясказаны маналог Гамлета

Я — дацкі прынц, я нескароны Гамлет,

Умею ненавідзець і любіць.

Я свет перавярнуў уверх нагамі

Пытаннем: «Быць альбо не быць?»

 

Я — дацкі прынц, заручаны са славай,

А жыць павінен як сярод бадзяг.

Вулкан патухшы... Ды клякоча лава

Няспынна у распаленых грудзях.

 

У сэрцы болей думак, чым адвагі,

Тут хітры бой вядуць дабро і зло.

Хачу рвануць я з ножнаў дзіка шпагу

І цемрадзь векавую пракалоць.

 

Ды застываюць пальцы на эфесе

З чаканнага крутога серабра...

Я не хачу крывавага эфекта,

Я раб страсцей, і ўсё ж я іх не раб.

 

Дык смела ў бой! Бязлітасна нязвыклы,

Дзе боль пякучы трэба мне забыць.

Сумніўшыся, кідаю горда выклік:

«Быць альбо не быць?»


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 74
Крыніца: скан