epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Не трэба калыханак

Лю-ля, лю-лі, —

мы пішам калыханкі.

Спяваем іх дакучна

немаўлятам:

Яны не папракнуць за фальш у слове,

Якое, як пусцёлка,

шамаціць.

Лю-ля, лю-лі; ды спаць не хочуць дзеці.

Звіняць іх галасы

шчаслівым плачам,

І толькі, залюлюканыя самі,

Мы засынаем

над сваім радком.

Не трэба болей калыханак!

Годзе!

Хай уварвецца ў верш

уладны вецер

І бразне,

раззлаваны,

форткай —

Хай песня абуджэння

загучыць.

Нажом распаласуе

сон пуховы,

Заспаным вокам

лыпне гаспадар.

Час уставаць —

займаецца заранак,

Дзень залацісты

мог бы ты праспаць,

А ў гэтага

сумленне спіць спакойна.

Хоць чыстае яно,

як тая сажа,

Будзіць яго трывожным звонам трэба

І лямпачкай чырвонаю

міргаць.

Дык пойдзем разам

з песняй абуджэння

З трывогаю і думкаю у сэрцы.

А калыханкі

мы пакінем маці —

Бо лепш, чым маці,

Нам не скласці іх.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 31-32