epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Пагаліўся месяц — аж блішчыць..."

Пагаліўся месяц — аж блішчыць,

Хлопцам стаў зухаватым.

Мкнецца хмарку злавіць,

За сябе пасватаць.

 

Уцякае хмарка

Ад месяца шпарка.

— Ты мне недарэчы,

Месяц-старэча.

Мне мілей на свеце

Вольны вецер...

 

Покуль ішлі змовіны

У сузорных высях,

Салаўі не ўцямілі —

Заручыны справілі,

Півам бэзавым

упіліся.


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 82
Крыніца: скан