epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Пасля дажджу

Гэтак звонка й радасна наўкола,

Хоць без дай прычыны закрычы.

І качаюць па гразі вясёла

Хлапчукі тугія абручы.

 

Разбудзілі вуліцу іх крыкі,

І такі шчаслівы іхні смех,

Сам, здаецца б, скінуў чаравікі,

Падкасаў калошы і пабег.

 

Паімчаўся б пад руччоў гаворку

На абгонкі з вёрткім хлапчуком.

І вясёлку, пэўна б, з-за пагорка

Выкаціў цалюткім абручом...


1956?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 83
Крыніца: скан