epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Пенсіянеры

Было іх трое ў маці —

дробных дзетак.

І раз штомесяц да іх у хату

заходзіў дзядзька Пеця

З прыплюснутым, як шланг пажарны,

рукавом...

Ён корпаўся рукой

у абшарпанай сумцы,

Што на плячы вісела

на рамні брызентавым,

І нейкую паперку даставаў.

Даваў агрызачак алоўка маці,

Паказваў пажоўклым ад курэння

пальцам:

— Наталля, распішыся тут...

Яна марудна літары выводзіла,

Губу зубамі прыкусіўшы,

А потым брала асцярожна грошы

з рук паштальёна...

І ведалі яны — за бацьку...

Ён застаўся на вайне.


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 88
Крыніца: скан