epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Певень майго маленства

Памяці сябра дзяцінства

Аляксандра Уласенкі

 

Са шпорамі, з какардаю чырвонай

Выходзіў ён на двор, як на парад,

Здаецца, пачапі яму пагоны —

І будзе «Пеця» поўны генерал.

 

Ён грозны быў, як закіпала рэўнасць,—

Ляцеў на ворага мячом тугім,

Да дзюбы — дзюба: вагі бойкі крэўнай

Загойдалі без усялякіх гір.

 

Ён пільны быў: заўжды барвовы золак

За лесам зашарэлым заўважаў —

І ўміг тады яго хрыпаты голас

Будзіў людзей трывожна на пажар.

 

Тушыць яго спяшаліся мы, дзеці,

Паклаўшы кнігі ў торбы з палатна.

І лопаў крыламі удзячна «Пеця»,

Нібыта апладзіруючы нам.

 

Была тады яна, часіна хмурая,

Пара жаночых слёз, жаночых рук...

А у суседкі заспявала курыца —

І зноў-такі прыкмета не к дабру.

 

І з думкай палахлівай, у трывозе

Суд учыніла ціхая ўдава:

Пад калуном шчарбатым на парозе

Курыная зляцела галава.

 

Аднойчы ціха стала на дасвецці,

Нібыта вымерла усё сяло...

Сказала маці:

— Закруціла «Пецю»...

Гадзінніка ж у хаце не было.

 

І я слязамі шчырымі заплакаў

І маці нават папракнуў тады.

А потым еў я звараныя лапкі:

Заўсёды крыльцы й ножкі — маладым...

 

На ногі не крыўдую, бо па свеце

Я імі ўжо нямала пахадзіў...

А сёння зноў маё маленства «Пеця»

Сваёй далёкай песняй разбудзіў.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 20-21
Крыніца: скан