epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Пісьмо зайца

«Дарагія байкары,

Гэта піша Заяц...

З некаторае пары

Проста я ў адчаі.

Паднялі мяне на смех,

Ды з мараллю строгай,

Быццам я вам перабег

Некалі дарогу.

І бярэ такое зло,

Точыць засмучэнне:

Стаў я нейкім вам Казлом.

Як там? Адпушчэння.

Хто ні піша, я — трусак,

Дам заўсёды маху.

Гэй, сябры, яно не так —

Ўсе звяры са страхам.

Вось Ліса. Яна мастак

На курыну лапку,

А пачуе брэх Сабак —

Дасць такога драпу!

Воўк — клыкасты жывадзёр,

Пры лясной праверцы

Ледзь ад страху не памёр

Ад разрыву сэрца.

Я скажу вам, і Мядзведзь

Не такі ўжо волат:

Напалоханы, ледзь-ледзь

Ногі ўнёс... ад пчолаў.

Калі праўду гаварыць,

Дык і Леў не шышка...

Вось пра гэта, байкары,

Болей вы пішыце.

Я не ўсё яшчэ сказаў...

Нельга з тым мірыцца...»

Заяц ліст той дапісаў,

А даслаць... баіцца.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 193
Крыніца: скан