epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Праверка паветранае трывогі

Зноў надрыўна выюць сірэны...

Трывога!

Трывога!

Трывога!

Напінаюцца нервы,

ныюць старыя раны,

Твары людзей

робяцца строгімі.

Равуць сірэны, трывогу сеюць —

Яна ледавіком

спаўзае ў душы...

Зараз сотні, тысячы Адысеяў

Воскам гатовы

замазаць вушы.

Звіняць бамбасховішчы рэхам —

Трывога!

Трывога!

Трывога!

Карычневыя стрэлы,

як вехі,

Паказваюць пад зямлю дарогу...

Чуйна галовамі круцяць радары —

Небяспечнага ў небе

няма нічога...

Спакой захоўваць

прасілі па радыё,

Ды ўсё роўна па сэрцах

прайшла трывога.


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 160
Крыніца: скан