epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Радаслоўнае дрэва

Мой кашчавы,

суровы прадзед,

Сплецены з адных сухажылляў,

Стомы не меў у працы,

З галоднай зямлі жыў ён.

Дзірваны

нарогам ірваў ён,

Сківіцы сцяўшы да болю.

Не было ў яго

мазалёў крывавых,

А былі, як панцыр,

набоі.

У кашулі,

нібыта ў кальчузе,

Што служыла і ў будзень,

і ў святы,

У шынку піў гарэлку ў хаўрусе,

Згробшы кубак рукой сукаватай.

І тады адчуваў

сваю волю,

Біў у грудзі —

яны грымелі,

І з падстрэшша брывоў

вуголлем

Вочы яго гарэлі.

І ад іх аганьку,

напэўна,

Пад санлівы і стомлены ранак

Крыллем ўзвіўся чырвоны певень

Над сядзібаю пана.

Прадзед мой

пайшоў з галыцьбою

З лапатушнай касой

па лесе.

Для паноў ён быў

першы разбойнік,

Для людзей жа — музыка

і песеннік.

Як збіраліся птушкі

у вырай

На сваім

шматгалосым вечы,

Зазвінеў

кайданамі ў Сібір ён

З Беларусі —

навечна...

Мой кашчавы,

суровы прадзед

Сплецены

з адных сухажылляў

Жыў

і Воляй,

і Праўдай

і Працай,

Імі памяць сваю

заслужыў ён!


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 57-58
Крыніца: скан