epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Раніца на Дняпры

Каторы раз перамываюць хвалі

Да жаўцізны ачышчаны пясок.

Ад сну з праменнем першым

лозы ўсталі,

Халоднай умываюцца расой.

 

Рака яшчэ не скінула дрымоты,

Паглыбілася быццам у задум.

Накрыла сонца дзіўнай пазалотай

Зялёную дняпроўскую ваду.

 

Застылі лодкі плямамі на плёсах,

Ў чаканні ўлова кураць рыбакі.

І, пырскаючы пенаю бялёсай,

Зноў кацеры ўзаралі гладзь ракі.

 

Плывуць плыты, і песня плытагонаў

Нібы струна цягучая гудзе.

Прайшоў на Кіеў «Канстанцін Заслонаў»,

Гудком басістым прывітаўшы дзень.

 

І паплыло ў працоўным рытме ранне

У караванах баржаў, кацяроў...

Адчуеш ты магутнае дыханне,

Якім штодзень жыве сівы Дняпро.


1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 122
Крыніца: скан