epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Размова з сэрцам

Не будзем успаміны варушыць,

Яшчэ іх памяць не паспела сцерці.

Давай з табою у начной цішы

Спакойна пагаворым, сэрца.

 

З табой нам доўга жыць і працаваць,

Не раз дзяліцца радасцю і болем...

Не знаю сам, чаму так адчуваць

Цябе пачаў цяпер я, як ніколі.

 

Ты часам быццам бы зусім замрэш,

Затым занепакоішся трывожна.

Няўжо цяпер я толькі захварэў

Хваробай той, што з нас хварэе кожны.

 

Бо толькі ўбачу, стрэнецца яна,

Адразу ж нас з табой нібы разбудзіць,

І ты хутчэй мне падаеш сігнал:

Мацней звычайнага застукаеш у грудзі.

 

Давай з табою набярэм разгон

Ад дзён імклівых нашай маладосці:

Хай толькі вецер свішча наўздагон,

Хай толькі час нам шпалы гадоў мосціць!


1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 131
Крыніца: скан