epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Русалка ў жыце

От жа дзіва, дзіва, не кажыце,—

Між вусатых звонкіх каласоў

Дзесь хаваецца русалка ў жыце

З доўгаю распушчанай касой.

 

Надвячоркам перапёлкай кліча

Дзецюкоў — вясёлых недарэк,

А каго спаймае — заказыча

Ды ўсміхнецца зорам з-пад павек.

 

Потым спаць яна спакойна ляжа,

Падаслаўшы валасы пад бок,

На світанку возьме ды завяжа

У калоссі выспелым чубок.

 

...Мы паспелі вырасці, пажыці,

І для нас дзяцінства ўжо, як сон...

Ці жыве яшчэ русалка ў жыце

З доўгаю распушчанай касой?


1964?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 76
Крыніца: скан