epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Скінуў лось рогі..."

Скінуў лось рогі...

Густыя кручоныя рогі

мякка ўпалі ў траву.

Ён пастаяў задумліва трохі

І горда ускінуць хацеў галаву.

Забыўся, што скінуў карону...

Стаяў ён разгублены, смешны без рог.

Лось выцягнуў шыю і раптам скарона,

Трывожна зароў.

Галёкнула рэха з адчаем

І змоўкла, як птушка ў галлі...

Лось помніць, як рогі у бойках трашчалі,

Як ворага гнулі яны да зямлі.

Ён з бойкі выходзіў прыгожы:

У жылах кіпеў шчэ бурлівы агонь.

Ён быў, як паветра, ён быў пераможац

І ведаў — яна ўжо чакае яго...

І скінуў лось рогі...

Знаходкай шчаслівай

упалі яны на зямлю..

На вешалку з іх

хтось паважны і строгі

Павесіў сёння

свой капялюш.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 60
Крыніца: скан