epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Слова на маскарадзе

Я сёння ў зале навагодняй казкі...

У ззянні ёлка падпірае столь.

Снуюць, танцуюць і смяюцца маскі,

Я паштальён — мая такая роль.

 

Пішыце пісьмы, весела пішыце —

Па адрасу іх хутка перадам!

Смяшыце жартамі дзяўчат,

смяшыце!

— Дваццаты нумар! Гэта вам.

 

— І вам...

Я — паштальён. Расшукваць умею,

Адвечны страннік я і пешаход...

Шукае мітусліва Дульцынею

Пры залачонай шпазе Дон-Кіхот.

 

Вакол звяры, бы выпусцілі з клетак,—

Пад ручкі з ліскаю гуляе воўк...

«Дзе ж ты, мая жаданая Джульета?» —

Стаіць Рамэо, любай не знайшоў.

 

Што ж, не бяда, шукай яе, Рамэо!

Бач, плацця мільгануў срабрысты шоўк...

Я паштальён — расшукваць я умею,

Анегін жа Таццяну ўжо знайшоў.

 

А хто спявае там няскладным хорам?

Пазнаў я іх па голасу здаля:

Салют вам паштальёнскі, мушкецёры!

Вядома, мушкецёры караля.

 

Глядзі — вось-вось успыхне

дзесьці «рубка» —

Звон вострых шпагаў, трапны іх укол...

Абняў за шыю белую галубку,

Танцуе барадаты з ёй казёл.

 

На феі арэол нябесны ззяе...

З жар-птушкі хтосьці выскубнуў пяро

І ходзіць важна ў карагодзе заяц,

Нібыта ён тут сёння цар звяроў.

 

І Дзед Мароз упарыўся ўжо, мабыць,

Ды не растаў на ім бялюткі снег.

Снягурачку паблытаў хітры д’ябал —

Звініць яе крыштальны, чысты смех.

 

Эх, сыпся, смех, звіні, звіні, вяселле!

І за парог прагнаны ціхі сум.

Я — паштальён. У светлай каруселі

Надзеі вам і радасць я нясу.

 

Яны з сняжынак сплецены і красак,

Вам з імі жыць, кахаць і сябраваць,

Ды толькі у жыцці ніколі масак

Не трэба анідзе не адзяваць.


1970?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 111-112
Крыніца: скан