epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Смерць салаўя

Вось так і памёр:

раптоўна,

На самай высокай ноце,

Памёр ад разрыву сэрца спявак...

Маленькая салаўіха

засталася ў самоце,

Не хоча паверыць у смерць аніяк.

Навошта ён браў на сябе больш,

чым бяруць другія,

Хапіла б і не дванаццаць,

а восем кален...

Чаму толькі цяпер

яму заспявалі гімны,

Толькі цяпер,

калі ўжо скалеў?

Сядзіць салаўіха на галінцы ў сумоце,

Не хоча паверыць у смерць аніяк...

Вось мне б так памерці —

на самай высокай ноце!

І быў бы шчаслівы я.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 35
Крыніца: скан