epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Студэнцкая вячэра

Стыпендыя заўтра, а сёння яшчэ раз

Сабралі з кішэняў рублёўкі.

І вось на стале ўжо дыміцца вячэра,

І ўсе уздыхаюць з палёгкай.

 

Святлейшым здаецца пакой інтэрнацкі.

Бярэмся ўсім гуртам за лыжкі,

Бо суп па-сапраўднаму звараны хвацка,

Хоць мо й перасолены крышку.

 

Ды толькі аб гэтым ніхто ні паўслова —

Сышліся ў адзін усіх густы,

Не вяжацца нат са сталом і размова,

Пакуль у каструлі не пуста.

 

А скончылі есці — знайшліся і словы,

Пакой напаўняецца гудам.

Ды раптам пытаецца стараста строгі:

— А хто ж будзе мыць нам пасуду?

 

І каб не было крыўднавата нікому,

Цягні жарабкі з цёмнай шапкі,

А выцягнуў «мыць» — адпраўляйся,

вядома,

Хоць хлопцы смяюцца: «Вось цапнуў!»

 

Гады прамільгнуць... І мо ў новай кватэры,

Як нейкае дзіўнае цуда,

З нас кожны прыпомніць вось гэту вячэру...

«А хто ж будзе мыць нам пасуду?»


1956?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 138
Крыніца: скан