epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

«Тата»

Ён быў самым рослым у класе...

І мянушку далі яму «Тата».

Грозны выбух: «Вайна пачалася!»

Ён без позвы прыйшоў

да ваенкамата.

 

Па-мужчынску расправіў спіну

І ва ўзросце рашыў не прызнацца —

Два гады сабе смела накінуў,

Не міргнуўшы сказаў:

— Васемнаццаць.

 

Губы сцяў, не заплакаў, упарты,

Як праводзіла маці уранні...

Ён падняўся з апошняе парты,—

Толькі ўпотай спазнаўшы каханне.

 

Збоку — флага з вадою, сапёрка...

І гарачая сталь аўтамата —

Ім задачы рашаў на «пяцёркі»

Першагодак вайны —

вучань Тата.

 

Дыск пусты, у ствале ні патрона

І адзіная поруч граната...

Ты цяпер на апошнім уроку,

Ты ў адказе за ўсё зараз, Тата.

 

На зямлі будуць песні і радасць,

Як над ворагам прыйдзе расплата.

Не, жывым вы не возьмеце, гады!

І чаку вырывае Тата...

 

Ён быў самым рослым у класе,

Стаў ён рана дарослым салдатам,

У сяброў яго — дзеці...

А ён застаўся

Па мянушцы адной толькі Татам.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 98-99
Крыніца: скан