epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Упэўненасць

Дваццаты год, разбураны, галодны...

Дождж за акном назойліва імжыць.

У кабінет да Леніна лагодна

Ідуць гуртком джэнтльмены з-за мяжы.

 

Скрыпяць гасцей заморскіх чаравікі,

З іголачкі, відаць, што так чутны.

Цікавіць сэраў чалавек вялікі,

А ён так проста ім: — Прашу, паны.

За этыкетам не схаваць здзіўлення —

Яно ў вачах газетчыкаў гарыць:

— Скажыце, можна з вамі, містэр Ленін,

Аб вашых планах шчыра гаварыць?

 

— Так, калі ласка, мы заўсёды

шчыры.

І сыплюць містэры з усіх бакоў.

На Волзе голад, голад у Сібіры,

Расія гіне, крах бальшавікоў...

 

Чакаюць людзі, моў, удосталь хлеба...

Няма адзення...

І трывожны час...

— Вы ж ГОЭЛРО? Ці ёсць у тым патрэба?

Не выйдзе, пэўна, з ім нічога ў вас.

 

— Я камуніст, і ў планы нашы веру!

Вось прыязджайце к нам

праз дзесяць год...

І нават недаверлівыя сэры

На нейкі міг паверылі ў яго.

 

Але няўцям было заморскім сэрам,

Што верыў Ленін ў партыю, народ.

...Нам свет стары не раз крычаў

«не верым!»

І глоткай і разбойніцкім пяром.

 

А мы ішлі наперад цвёрдым крокам,

Выводзілі краіну на прасцяг,

Трымала партыя заўжды высока

Вялікай праўды ленінскае сцяг.

 

І гарады ўздымаліся ў пустынях,

Плаціны вырасталі на вачах.

І зорамі займалася краіна —

Спаўняліся жаданні Ільіча.

 

За годам год — у неабсяжнасць

дзверы:

Савецкі край мужнее і цвіце...

І ў моц сваю прымусілі паверыць

Тых, хто ніколі верыць не хацеў.

 

У камунізм шлях светлы пракладаем,

Усё бліжэй ён, той жаданы час...

І ўпэўненасць у сэрцы нам ўсяляе

Заўсёды родны вобраз Ільіча.


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 178-180
Крыніца: скан